КАШЫ, КАРЗІНА
Ці можна ўявіць сабе жыццё селяніна без гэтых дзіўных рэчаў, так неабходных у гаспадарцы? Сапраўды, нельга.
Кашы – гэта пляцёная ёмістасць розных памераў для захоўвання і транспарціроўкі сыпкіх і штучных рэчываў, пераважна харчовых прадуктаў. Найбольш пашыраны былі кашы паўкруглай формы, плеценыя з лазовых прутоў. З той жа мэтай выкарыстоўваліся кашы з плоскім дном. Для такіх кашоў выраблялі яшчэ і крышкі, каб прыкрываць тое, што знаходзілася ў іх.
Мясцовыя жыхары карыстаюцца такімі кашамі да гэтай пары. Асабліва дапамагаюць яны селяніну ў час капання бульбы. Усё часцей і часцей лазу, з якой выраблялі кашы, замяняя дрот.
БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ КАСЦЮМ —
комплексы адзення, абутку і аксесуараў, якія склаліся на працягу стагоддзяў для выкарыстання беларусамі ў штодзённым і святочным ужытку. Нацыянальны касцюм мае надзвычай высокую культурную каштоўнасць і з'яўляецца адным з этнічных атрыбутаў беларускага народа.
Беларускі сялянскі касцюм мае глыбокія гістарычныя карані і захаваў шмат архаічных рыс. Спалучаючы ў сабе практычнасць і эстэтычнасць, ён з'яўляўся і з'яўляецца значна большай рэччу, чым проста адзеннем ці нават мастацкім творам. Сялянскі касцюм беларусаў адлюстроўваў мясцовыя традыцыі, патрэбы і сацыяльны статус прадстаўнікоў беларускага народа, светапогляд майстроў, якія яго выраблялі, а ў дэкаратыўным арнаменце часам чытаюцца цэлыя змястоўныя гісторыі. Звычайна менавіта сялянскі касцюм маюць на ўвазе, калі вядуць гаворку пра нацыянальны касцюм беларусаў увогуле.
ПРАНІК
Пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім перылі (пралі) бялізну пры мыцці, палотны пры адбельванні; ім таксама абівалі лён, проса. На Беларусі вядомы з 11-12ст.
НОЧВЫ
Ночвы, карытападобная пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. Прызначаліся для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты, якую ссыпалі затым у бочкі, мяса для каўбас і іншага. Рабілі з драўлянага цурбана (асіны, ліпы), колатага папалам; ёмістасць выдзёўбывалі цяслой, сценкі і дно знутры згладжвалі скобляй, разцом. З сярэдзіны 20 стагоддзя замест драўляных усё часцей ужываюцца металічныя начоўкі, якія бытуюць і ў наш час. Невялікія начоўкі для ачысткі зерня называюцца апалушкі.
МАСЛАБОЙКА
Пасудзіна для збівання масла. Лакальная назва біянка. Вызначалася разнастайнасцю форм і канструкцый. .Гэта звычайна высокая, наканаваная да гары бочка, у вечцы адтуліна для калатоўкі (біла), да ніжняга канца якой (ўдарная частка) мацавалі круг з адтулінамі або крыжавіну. Такой жа формы бойку выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Беларусі (пераважна на Палессі) былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2 – доннай бочачкі, у якой было “акенца” з засоўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. У даўнім сялянскім побыце масла збівалі і ў ганчарных пасудзінах (гаршку, макітры і іншых) з дапамогай драўлянай лыжкі ці калатоўкі.
ВЕРАЦЯНО
Прылада для ручнога прадзення лёну, воўны. У старажытныя часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка даўжынёй 20-30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца, і вострай пяткай. Верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і інш. На вытачаных верацёнах дзеля зручнасці і як аздабленне наразалі кольцы-паглыбленні.
АБРУС
Настольнік, тканы, вязаны, вышываны або плецены выраб, прызначаны для засцілання стала. Лакальная назва скацерка. Абавязковы атрыбут традыцыйнай сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (уваходзіў у пасаг нявесты, ім накрывалі стол на Каляды, Вялікдзень і інш. святы). Апрача утылітарнай і абрадавай, выконваў важную ролю ў дэкаратыўным афармленні інтэр’ера вясковай хаты.
Ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захавання малака і малочных прадуктаў. У пісьмовых крыніцах старажытнарускага часу вядомы пад назвай “кринъ”. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі і звужанай шыйкай, але шырэйшым за дно вусцем (без ручкі і дзюбкі ). У гісторыі развіцця ганчарных вырабаў быў прататыпам збана. Прапорцыі сілуэта гарлача маюць мясцовыя адрозненні; на паўднёвым захадзе пераважаюць з аб’ёмным тулавам , на ўсходзе-падоўжаныя, зграбныя па абрысах, на паўдневым захадзе – слабапрафіляваныя з шырокім горлам. Найбольш ярка лакальныя асаблівасці выяўляюцца ў мясцовых назвах; на Падняпроўі і сумежных з ім паўднёва – ўсходніх раёнах Падзвіння – гарлач, на захадзе – стаўбун , на паўночным усходзе Падзвіння – жбан , на Палессі , у заходніх раёнах цэнтральнай Беларусі – гладыш, ладыш, у паўднёва-заходніх раёнах – збан, паралельна ўжывалася назва берасцень (звязана з даўняй традыцыяй аплятаць гарлачы стужкамі бяросты). Выраблялі гарлачы гартаваныя, чорназадымленыя і паліваныя. Упрыгожвалі глянцаваннем, прачэрчаным па сырой паверхні лінейна-хвалістым арнаментам, геаметрычнай і расліннай ангобнай размалёўкай і каляровымі фарбамі.
Высокая гліняная пасудзіна для малака, смятаны, маслёнкі, сыроваткі. Бакі ў збана выпуклыя, шыйка – звужаная. Мае ручку і носік-дзюбку, каб тое малако, скажам, лёгка, роўным струменьчыкам лілося ў міску ці ў кубак.
Круглы ці авальны чарпачок з ручкаю. Выразалі лыжкі з асіны, бярозы, клёну, грушы. Чым цвядзейшае было дрэва, тым даўжэй служыла лыжка.
РУБЕЛЬ
Рубель — драўляная дошка з высечанымі папярочнымі жалабкамі для катання бялізны, накаткі скур. Прадмет хатняга ўжытку выкарыстоўваўся для выбівання (мыцця) і прасавання бялізны. Аджатую ўручную бялізну, намотвалі на валік або качалку і раскочвалі рубелем.
Кавалак тканіны абрадавага, дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэння. Шырыня яго вар’іравалася ад 25 да 45 см залежна ад шырыні ткацкага стана, даўжыня – ад 1 да 4 м (звычайна 2-3 м).
Апрача утылітарнага прызначэння да пачатку 20 ст. ручнікі ўжываліся для штодзённага і святочнага дэкаратыўнага ўбрання жылля і абразоў (ручнікі-набожнікі); былі адным з неабходных абрадавых атрыбутаў у вясельным і пахавальна-памінальным абрадах. Уваходзілі ў пасаг нявесты, з’яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха.
СУКАЛА
Прылада для намотвання нітак на цэўкі. Уяўляе сабой 2 стойкі з умацаваным паміж iмi гладка адшліфаваным валікам з махавым колам, размешчаным бліжэй да аднаго канца валіка. 3 процілеглага боку ў валіку ўстаўляецца металічны стрыжань, на які надзявалася цэўка. Знізу стойкі змацоўваліся драўлянай плахай або збіваліся дошкамі з бакоў iзнізу ў выглядзе скрынкі для цэвак. Насуквалі цэўкі з клубка ці з матавіла.
АБРАЗ,ПОКУЦЬ –
так называецца гэтае пачэснае месца ў хаце, не забытае Богам. Лічылася, што покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята, Каляды ці Вялікдзень, і на покуці першы садзіўся гаспадар, а злева ад яго астатнія сямейнікі. І ні абы як, а па старшынству, дарослыя і дзеці. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў-прадзедаў, частаваліся.
Лічылася, што покуць – гэта кусочак храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы – з выявамі Ісуса Хрыста і святых.
Покуць заўсёды прыгожа ўбіраецца. На абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі – набожнікі. На покуці мясціліся стол і лава. Стол выконваў ролю своеасаблівага хатняга алтара, таму ставіліся да яго з павагай і дапусціць, напрыклад, на стол ката лічылася вялікім грахом, бо тут заўсёды знаходзіліся хлеб ды соль.
ПЕЧ
Хатняя, прыстасаванне для прыгатавання гарачых страў, выпякання хлеба, абагравання памяшкання, сушкі і інш. Сучасныя печы, захоўваючы асноўную традыцыйную форму, будуюць з абпаленай цэглы, часам абліцоўваюць кафляй.